Адметныя. Як стварыць “хіпстарскую” футбольную каманду – і трапіць у вышэйшую лігу
2
19.06.2016
Адметныя

Адметныя. Як стварыць “хіпстарскую” футбольную каманду – і трапіць у вышэйшую лігу

У новым сезоне праекта “Адметныя” расказваем пра ініцыятыўных і актыўных мінчукоў, якія робяць свой паспяховы бізнес па-беларуску.

У новым сезоне праекта “Адметныя” расказваем пра ініцыятыўных і актыўных мінчукоў, якія робяць свой паспяховы бізнес па-беларуску.

Сёння ўжо наўрад ці хто не чуў гісторыю пра футбольную каманду Крумкачы, якая прайшла шлях ад аматарскай лігі да вышэйшай. Клуб з лёгкасцю збірае трохтысячны стадыён, процістаіць знакамітай камандзе “Дынама-Мінск” і мае сваіх заўзятараў.


Пачыналася ўсё па традыцыі з дзіцячага захаплення. Дзяніс Шунто, адзін з заснавальнікаў “Крумкачоў”, нарадзіўся ў Смалявічах. Як многія хлопчыкі, ганяў мяч з сябрамі ў двары і сачыў за беларускай і еўрапейскай лігай.

Пасля паступлення ў сталічны ўніверсітэт магчымасцей для любімага хобі ў хлопца стала больш. У студэнцкія гады Дзяніс не прапускаў ніводнай гульні, якія праходзілі ў Мінску. Тады ж ён вырашыў пачаць займацца футбольнай статыстыкай. Акрамя добрага даходу, гэта справа прынесла Дзянісу вялікі багаж ведаў пра беларускі футбол, гульцоў і трэнераў. Хлопец добра разбіраўся і разумеў спецыфіку гэтага віду спорту. Тады ён пачаў падумваць, што някепска было б стварыць сваю аматарскую каманду.

КРУМКАЧЫ – ГЭТА ДЗЕ, У МІНСКАЙ ВОБЛАСЦІ?

Аднойчы Дзяніс з сябрамі выпіваў у бары. За гутаркай з'явілася ідэя стварыць каманду і заявіцца ў другую лігу. Над назвай думалі недоўга. Адразу ж хлопцы вырашылі, што яна будзе сімвалізаваць нейкую жывёлу або птушку:

– Мы проста сядзелі і перабіралі прыкольныя беларускія словы. Чаму беларускія? Дзіўнае пытанне. Мы ж беларусы! Калі спыніліся на “крумкачах”, сумневаў не было. Я не спрачаюся, што гэта назва не зусім мілагучная. Размаўляючы пасля з тымі ж расіянамі, часта даводзілася чуць, што яны зусім не разумеюць, як можна было так дзіўна назваць каманду.

Lost in translation здараўся ў хлопцаў і з суайчыннікамі. Часам людзі думалі, што “Крумкачы” – гэта назва нейкага населенага пункта: “А Крумкачы – гэта дзе, у Мінскай вобласці?”

У другой лізе хлопцы гулялі выключна для задавальнення: падарожнічалі па маленькіх гарадах Беларусі, сядзелі ў барах пасля матчаў і абмяркоўвалі вынікі. Паступова ў каманды сабраўся добры склад, і хлопцы пачалі выйграваць. Праз паўгады яны зразумелі, што робяць поспехі і могуць замахнуцца на нешта большае:

– Мы вырашылі, што трэба прасоўвацца ў першую лігу, – успамінае Дзяніс, – і перайшлі да актыўных і сур'ёзных трэніровак. У першую ж чаргу было скончана з вячоркамі ў барах і алкаголем. Каб прыцягнуць у каманду прафесійных гульцоў і перайсці ад аматарскага ўзроўню да больш сур'ёзнага, арандавалі добрае поле.

“ДЗЯНІС, ДАЙ ГРОШАЙ ХАЦЯ Б НА МАРШРУТКУ”

Спачатку ў складзе было толькі некалькі паспяховых футбалістаў-ветэранаў, якім на той момант ужо было за 40. Астатнія – аматары. Але для перамог у другой лізе гэтага было недастаткова. Да таго ж вялікімі заробкамі прывабіць гульцоў у «Крумкачы» магчымасці не было.

Усю грашовую нагрузку Дзяніс і іншыя заснавальнікі – Васіль Глезаў і Уладзіслаў Маяроўскі – узялі на сябе.

– Сусветныя футбольныя стандарты ў нас не працуюць. Мы не атрымліваем вялікіх даходаў ад продажу білетаў і рэкламы. Яны не пакрываюць усіх выдаткаў, якіх, дарэчы, даволі шмат. Адзін толькі стадыён – гэта вельмі вялікі расходны артыкул. Арганізацыя матчу з хуткай дапамогай, пажарнымі і міліцыяй абыходзіцца ў 50 мільёнаў рублёў. Таму першы час з грашыма ў нас усё было кепска. Нашы гульцы тады нават часам жартавалі: “Дзяніс, дай грошай хаця б на маршрутку, каб я мог на трэніроўку прыехаць”.

Цяпер ужо мы можам забяспечыць футбалістаў нармальнымі заробкамі. Хоць, вядома, па мерках футбольных яны не такія высокія – хлопцы вартыя большага. Гульцы ў нашай камандзе атрымліваюць ад 6 да 20 мільёнаў рублей. Футбаліст такога ж узроўню ў іншых беларускіх клубах атрымлівае разы ў тры больш.


Сабраўшы добры склад і наладзіўшы рэгулярныя трэніроўкі, у другой лізе “Крумкачы” пачалі паказваць высокія вынікі. Дзяніс тады ўжо не гуляў, а стаў старшынёй і кіраўніком каманды. Ён стараўся зрабіць усё, каб “Крумкачы” перамагалі. Футбалісты трэніраваліся на якасным полі, з імі працаваў прафесійны трэнер. У выніку каманда змагла выйсці ў першую лігу. Гэта быў поспех.

Але для таго каб стаць шырока вядомымі і вылучыцца сярод іншых, адных перамог не хапала. Клубу патрэбна была ідэя і свая “фішка”. Тады лёс звёў “Крумкачоў” з цяперашнімі маркетолагамі каманды Аляксеем Важнікам і Максімам Паршутам.

“МЫ І ПАЧАЛІ ГЭТА “ШТО-НЕБУДЗЬ” РАБІЦЬ”

– На вечары сустрэч выпускнікоў я ўбачыў Антона Шунта, які тады гуляў у “Крумкачах”, – распавядае Аляксей. – Я запытаўся: “Што будзеце рабіць далей, вы ж выйшлі ў першую лігу?” Ён адказаў, што каманда хоча і далей набіраць папулярнасць, толькі яны яшчэ не ведаюць, як гэтага дамагчыся. І я прапанаваў ім пачаць прасоўванне праз групу “Вконтакте”.

– Я тады працаваў на спартыўным сайце і ведаў Лёшу, – дадае Максім. – Аднойчы ён напісаў, што будзе супрацоўнічаць з “Крумкачамі” і прапануе мне таксама займацца гэтай справай. Я якраз збіраўся разаслаць прапановы па прасоўванні мінскім клубам першай лігі, таму з радасцю пагадзіўся.

Калі хлопцы прыйшлі на першую трэніроўку, былі крыху здзіўлены:

– Першае, што мы ўбачылі, – 30 чалавек, якія проста ганялі мяч, як школьнікі ў двары. Калі пазнаёміліся з Дзянісам, чакалі, што будуць нейкія задачы, мэты. Але нічога такога не было. Мы сказалі, што хочам дапамагаць. Ён адказаў: “Добра, калі горш не стане - рабіце што-небудзь”. І мы пачалі паволі гэта “што-небудзь” рабіць. У выніку з лютага 2015 года займаемся гэтым кожны дзень.


Хлопцы пачалі з сацсетак, блога, а пасля з’явіўся талісман Крумка.

– З ім мы ездзілі на гульні ў розныя гарады Беларусі і ладзілі ад яго імя ў блогу невялікую экскурсію. Хто з мінчукоў ведае нешта пра той жа Кобрын, напрыклад? А мы хацелі паказаць, што нават там ёсць на што паглядзець. Аказалася, что людзям гэта цікава, і наш герой хутка стаў папулярным.

...А ўжо на фінальную гульню за права выхаду ў вышэйшую лігу на стадыёне быў аншлаг.


“МЫ ХАЦЕЛІ СТАЦЬ МОДНЫМІ”

Хлопцы разумелі, што выключна футбольнага паблісіці будзе мала. Жаданне выйсці за кола спартыўнай аўдыторыі прывяло да таго, што “Крумкачоў” адразу ж празвалі “хіпстарскім” клубам, але з гэтай нагоды яны не перажывалі.

– Мы “выстралілі” ў тым ліку таму, што на фоне іншых рабілі хоць нешта. Людзі цікавіліся камандай, а праз яе і лігай у цэлым. Задача была ў тым, каб у звычайных людзей з'явілася разуменне, што футбалісты – гэта не штосьці нерэальнае, яны такія ж, як і ўсе, у іх ёсць сем'і і жыццё за межамі футбольнага поля.

І на нашых матчах гэта пацвярджаецца. Падтрымліваць гульцоў прыходзяць іх сябры і жонкі разам з дзецьмі. Заўзятары гэта бачаць і таксама прыводзяць сваіх блізкіх. Канешне, нам прыемна бачыць вынік сваёй працы.

– А чаму “Крумкачы” выбралі белмову як асноўны сродак камунікацыі з аўдыторыяй?

– Мы ж беларусы. Нашы футбалісты могуць без праблем адказваць на пытанні і размаўляць на мове, калі гэта патрэбна, хоць у паўсядзённым жыцці не гавораць на ёй. Балельшчыкі і людзі ўвогуле, як мы бачым, да мовы ставяцца пазітыўна.



За два гады існавання “Крумкачы” дасягнулі практычна немагчымага: выйшлі ў вышэйшую лігу і сталі адной з самых папулярных і вядомых каманд Беларусі. Аднак вялікага прыбытку гэта справа стваральнікам да гэтага часу не прыносіць.

– Раней я мог сабе дазволіць 5 разоў на год адпачываць на курортах, хадзіць у начныя клубы, а цяпер усе сродкі сыходзяць на “Крумкачоў”, – паўжартам скардзіцца Дзяніс. – Зараз для ўдзелу ў спаборніцтвах і развіцця клуба патрэбныя такія сумы, якіх у мяне папросту няма. Прадаўшы 2 000 квіткоў на гульню па 50 000 рублёў і заплаціўшы падаткі з іх, ты ледзьве дасягнеш акупнасці матчу. На жаль, няма ў нас вялікага стадыёна для рэалізацыі білетаў. Мы маглі б збіраць 7-8 тысяч гледачоў. Хочацца запрасіць людзей, а запрашаць няма куды. У лепшым выпадку найбольшы стадыён змяшчае 3 тысячы чалавек. На гульні з “Дынама” нам нават даводзілася зачыняць вароты, таму што больш заўзятараў стадыён не ўмяшчаў.

Магчыма, з часам “выстраліць” нейкі наш футбаліст і нам давядзецца атрымаць грошы за яго продаж у іншы клуб. Таксама добры шанец атрымліваць вялікі прыбытак, каб усе выдаткі адбіліся, – выхад на еўракубкі. Вядома, нам яшчэ рана пра гэта гаварыць.

Хлопцы пацвярджаюць: цяпер спонсарства – вялікая частка іх бюджэту. Тыя кампаніі, якія адзначаны на форме “Крумкачоў”, даюць ім грошы і дапамагаюць з іншымі выдаткамі. Бо тая ж выручка з білетаў і “мерчу” – мізэрны прыбытак.



– Нельга ацаніць нашу паспяховасць у працэнтах, – кажа Аляксей. – Нават у мамы не заўсёды выходзіць смачны боршч. Ідэальным для ўсіх не будзеш, таму ў “Крумкачоў”, вядома, ёсць і тыя, хто іх не любіць і імкнецца ў любы зручны момант зачапіць. А мы проста хочам выхаваць у людзей здаровае стаўленне да футбола, каб ім цікавілася не жменька фанатаў, а паход на матч стаў сапраўдным сямейным святам. У ідэале мы хочам, каб хадзіць на футбол зноў стала гэтак жа модна, як, напрыклад, у 80-я гады, калі дзяўчыну можна было запрасіць на спатканне на матч.



ВАЖНА: калі надумалі расшарыць гэты матэрыял, не забывайцеся на хэштэгі: #адметныя #свае  . Дзякуй!

РУБРЫКУ "АДМЕТНЫЯ" МЫ СТВАРАЕМ РАЗАМ З КАМПАНІЯЙ SAMSUNG ELECTRONICS.


Перадрук матэрыялаў магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

   Фота: buy-forum.ru.

ТАА «Самсунг Электронікс Рус Компані», ІНП 7703608910