Хатняя бібліятэка пісьменніка Адама Глобуса
32
17.09.2013
Библиотека

Хатняя бібліятэка пісьменніка Адама Глобуса

buy-forum.ru працягвае корпацца ў хатніх бібліятэках мінчукоў. Гэты выпуск – пра бібліятэку пісьменніка, мастака і вядомага сталічнага жыхара Адама Глобуса.

buy-forum.ru працягвае корпацца ў хатніх бібліятэках мінчукоў. Гэты выпуск – пра бібліятэку пісьменніка, мастака і вядомага сталічнага жыхара Адама Глобуса.

   

          Хатняя бібліятэка

Як усе нармальныя людзі, я чытаю перад сном: у мяне ёсць настольная лямпа, і калі мне не спіцца, то нават пасярод ночы ўстаю і чытаю. А ўвечары чытаю вось тут, седзячы на фатэлі. Што чытаю зараз? “Споведзь” . Новы рускі пераклад, вельмі ўдалы, на мой погляд, нечаканы, вельмі добра стылістычна зроблены. Я лічу, што Блажэнны – гэта, калі перакладаць на беларускую, усё ж “шчаслівы”, “шчасны”. Прозвішча Шчасны, якое ёсць у беларускім асяродку, і ёсць гэты “блажэнны”. 

Усе кніжкі я купляю для сябе, таму магу рабіць нейкія пазнакі на палях, замалёўкі. 

У гэтай шафе я збіраю кнігі, якія мяне натхняюць на маляванне, на ілюстраванне. Кожны раз, калі я аднекуль вяртаюся – з Барселоны, напрыклад, – заўсёды ў мяне перагрузка з чамаданам, таму што хочацца прывезці значныя кнігі, якія будуць натхняць мяне на маляванне. 

Тым больш што ёсць кніжкі з рэдкімі рэпрадукцыямі – як, напрыклад, французская “”. Вось рэпрадукцыі графікі Адольфа Гітлера. І калі ты яе бачыш, то раптам заўважаеш, што большасць кіраўнікоў нашага Саюза мастакоў апошнія дваццаць гадоў робіць малюнкі стылістычна падобныя да графікі Адольфа Іванавіча. Яны не падобныя да вялікіх сюрэалістаў ці кубістаў, не падобныя да авангардыстаў накшталт Пабла Пятровіча Пікаса, а падобныя да такой графікі – выдрачанай, вытачанай, сухой, цынічнай, – якую практыкаваў Адольф Іванавіч Гітлер. Вось, глядзіце, ну Станькава ж! 

І такія кніжкі вельмі рэдкія ў нас, таму даводзіцца іх прывозіць. 

Ёсць кніжкі, якія мяне суцяшаюць у цяжкія моманты. Калі разумееш, што жыццё такое брыдкае і нікчэмнае, трэба чытаць людзей, у якіх яно было яшчэ горшае. Мяне выратоўваюць дзённікі і . Гэтым людзям дасталося такое цяжкое жыццё і яны здолелі так яго апісаць, што ўсе нашыя беды непараўнальныя з тым, што перажылі яны. 

Большасць кніг у маёй бібліятэцы – пераклады. Мне пашанцавала пазнаёміцца з геніяльнай рускай перакладчыцай . Выданне яе кніжак фінансаваў японскі імператар. Яна перакладала Басё, Сайгё, Бусона. Я з ёй сябраваў, яна нават падпісала мне свае кнігі. Вера Маркава нарадзілася ў Мінску і жыла тут да Першай сусветнай вайны. Лепш за яе японскую класіку на рускую мову ніхто не перакладаў. Яна казала, што ад Мінска ў яе памяці засталіся толькі вербы над Свіслаччу. Гэта таму, што Свіслач – галоўная мінская “вуліца”, вакол яе ўсё круціцца. А вербы над Свіслаччу – асноўны мінскі вобраз. З Верай Маркавай я так і пазнаёміўся: напісаў, што калі чытаю яе пераклады, то ўвесь час перад вачыма малюнкі нашай прыроды. А яна адказала: яно сапраўды чамусьці так перакладаецца. Гэты вобраз вярбы над Свіслаччу пастаянна прысутнічае ў яе перакладах Басё. 

Калі казаць пра іншыя мовы, якія ёсць у маёй бібліятэцы, – гэта, у першую чаргу, польская. Я люблю , яго кнігі дасталіся мне з бацькавай бібліятэкі. Бацька нарадзіўся ў Заходняй Беларусі, у сям’і заўсёды быў культ усяго інтэлігентна-польскага, культ Адама Міцкевіча, рамантычнай польскай паэзіі. Я стараўся ад гэтага крыху адысці, мне блізкі іншы Міцкевіч – Якуб Колас. Але я пачытваю, перакладаю для сябе гэтую польскую паэзію. І праз паэзію вывучаю мову: мне падаецца, што гэта найбольш удалы метад.

Калі пачынаеш збіраць бібліятэку, рана ці позна трапляюцца кніжкі таямнічыя, забароненыя, якія не перавыдаваліся. Напрыклад, сатанінская літаратура – той жа Станіслаў Пшыбышэўскі ці кніга выдатнага раманіста Атамана Краснова “” . У гэтым рамане падзеі адбываюцца ў тым ліку ў Станькаве і ў Мінску. Чытаць варта тым, каго цікавіць сатанізм, чорная імша, Станькава, Мінск, белы рух, Вільня з яе нейкай яўрэйскай містыкай. А калі вас гэта не цікавіць – то і не варта. Не думаю, што такіх кніжак у Мінску больш за пяць. А можа, і адна. 

Для мяне кніжкі – гэта асвета. Я сабраў шмат выданняў з серыі “. Гэта быў каласальны праект у рускай мове, у савецкай імперыі: сабраць у адну серыю эпасы ўсіх народаў, краін, часоў, творы ад “, “ да нашых часоў. Над серыяй працавалі самыя лепшыя перакладчыкі, плюс у кожнай кніжцы вялікі апарат: з прадмовай, каментарамі, тлумачэннямі. Сапраўдныя літпомнікі. 

У мяне ёсць тры настаўнікі ў беларускай літаратуры, якім я абавязаны тым, што стаў пісьменнікам. Гэта Уладзімір Караткевіч, Міхась Стральцоў і мой бацька, Вячаслаў Адамчык. Яны мяне заўсёды падтрымлівалі, Стральцоў і Караткевіч напісалі прадмовы да маіх першых кніжак. У 1978 годзе Уладзімір Караткевіч падпісаў мне адну з маіх улюбёных кніжак. А ў іх настаўнікам быў Янка Брыль. Таму для іх у мяне ёсць асобная паліца, гэта пісьменнікі, якіх я заўсёды прапагандую. Напрыклад, перадаў галерэі “Ў” стол Караткевіча.

Люблю казкі. Збіраю розныя, усіх народаў, усіх часоў. Сам іх пішу, таму для мяне казачны фальклор вельмі важны. Самыя ўлюбёныя… “”. Яны, мне здаецца, найбліжэйшыя да нас – прастатой жыцця. Казкі – гэта тое, што ў нас, беларусаў, яшчэ наперадзе. Фальклор сабраны, але анталагічная казачная кніжка яшчэ не складзеная, і гэта трэба зрабіць. Біблія – таксама зборнік фальклора, правільна “ўпакаваныя” казкі. А цэлыя нацыі і народы часам укладаюцца ў адну міфалагему. Ёсць галандцы – і Лятучы Галандзец. Хто такі немец? Гэта доктар Фаўст. У беларусаў таксама ёсць такі міф, і завецца ён “Пагоня”. Наш міф вельмі просты: знайдзі здрадніка, дагані і забі. Калі ты здрадзіў, цябе знойдуць і пакараюць – гэта нашая міфалагема, якая працуе і будзе працаваць. І пазбавіцца яе не так і проста. Таму і збіраю розныя казкі, каб назіраць, у якія міфы які народ ператвараецца. 

Вельмі важныя для мяне слоўнікі. Мы жывем у спецыфічным моўным асяроддзі, таму ўвесь час трэба сябе правяраць. Пісьменніку да таго ж абавязкова паглыбляцца ў этымалогію, разумець паходжанне словаў. Мы ж думаем словамі. Піктаграмамі можна загад даваць, але ўсё адно слова працуе мацней. Этымалагічны слоўнік  павінен мець кожны, хто карыстаецца рускай мовай, таму што больш аўтарытэтнага чалавека ў гэтай сферы, напэўна, няма. 

Кніга сёння ператвараецца ў арт-аб’ект, у жанр мастацтва. Напрыклад, разам з маім сябрам Дзмітрыем Мізгуліным мы выдалі кнігу “Рэха”. Сабекошт адной такой кніжкі – 200 даляраў. Маленькі варыянт каштуе 50. Кніжкі і раней былі вельмі дарагія, да таго, як іх ператварылі ў масавае чытво. Былі кнігі “для начальства”, для падарункаў, на ўрачыстасці. Сёння, калі масавы чытач адыходзіць ад кніг, яму, можа, такая кніжка і не патрэбная. Але калі чалавек любіць паэзію, то мае магчымасць патрымаць у руках такі ўнікальны прадукт. Тут мае карціны разам з вершамі, упакаваныя ў кніжку. Карціны не пісаліся спецыяльна для вершаў, я іх падбіраў настраёва, а потым мая дачка рабіла дызайн. 

Я заснаваў штогадовую прэмію за кнігі, надрукаваныя на паперы. Вось тыя, што атрымалі яе за 10 гадоў. У адрозненне ад астатніх заснавальнікаў прэмій, я гэтыя кніжкі прачытваю. Гэта вельмі карысна, бо ты трымаешся ў тонусе, чытаеш маладых аўтараў, ходзіш на прэзентацыі, жывеш літаратурным жыццём. Я дзіўляюся, калі кажуць: “Вось, у нас нічога няма!” Калі вы нічога не чытаеце – дык у вас нічога і няма! У  – цудоўная эсэістыка, філасофскія эсэ проза  – таксама вельмі цікава.

Я знарок не збіраю антыкварныя кніжкі. Але іх дораць. Вось першая публікацыя верша “А хто там ідзе?” Ці “Дудка беларуская”, выдадзеная ў 1918 годзе. Потым – мюнхенскае выданне Купалы: усё, што было забаронена ў Савецкім Саюзе, было надрукавана ў Мюнхене і выдадзена вось такім чынам. Гэта нашае беларускае дысідэнцтва, за гэтую кнігу можна было сесці. 

Знаёмыя цікавяцца, чаму мяне заўсёды на такой добрай паперы выдаюць. Я адказваю: можа, я не такі і дрэнны пісьменнік? Сапраўды, калі пісьменнік дажывае да таго, што яго вось так выдаюць, – гэта добра. Як я гэта заслужыў, колькі працаваў – іншае пытанне. Але мой збор твораў – вось ён. 

Я цікаўлюся Мінскам, хачу нават выдаць казкі пра Мінск, але пакуль што не склалася. Для сябе я пачаў аддзяляць правінцыйную культуру ад сталічнай. Правінцыйныя хабёльства, фанабэрыя, нахабства мяне проста задралі. Калі ты сталічны чалавек – то паводзіш сябе як сталічны. Ты выйшаў, спусціўся ў метро, ідзеш па вуліцы і ведаеш, што вакол цябе яшчэ два мільёны людзей, якім таксама трэба бегчы на працу. А калі ты фельчар з Пухавіч – ты ж кароль жыцця, ты ведаеш адказы на ўсе пытанні, ты ідзеш – цябе ўсе ведаюць, ты зорка. І гэты фельчар з Пухавіч прыязджае сюды, ідзе па Мінску і кажа: “Вы ж тут нічога не знаеце, вы ніхто”. Таму фармаванне беларускай сталічнай культуры – гэта на сённяшні дзень наш прыярытэт. Нават вось гэтыя прыватныя бібліятэкі – гэта сталічная з’ява, у тых жа Пухавічах кніжныя крамы даўно загінулі. Усе ведаюць, што жыць у Мінску – гэта прэстыжна. Але яшчэ мы павінны той жа Мінск падзяліць на жыццё сталічнае, цывілізаванае, культурнае… і жыццё ўскраіны. 

Вось геніяльны раман пра Мінск, “” Майсея Кульбака. Я лічу, гэта адна з найлепшых кніг пра Мінск. Напісана яна пра канкрэтнае месца: пра яўрэйскія дамы, якія стаялі на месцы фабрыкі “Камунарка”. Ёсць і беларускі пераклад, завецца “Зельманцы”. 

   

          Бібліятэка ў студыі

Ёсць кніжкі, якія я раблю сам для сябе, у адным асобніку. Гэта могуць быць мае малюнкі ці фотаздымкі, сюды можна запісваць рэчы, важныя толькі для мяне, але ў выглядзе кнігі. Яны расказваюць мне апавяданні, я іх запісваю, і для мяне гэта важная частка жыцця. Вось, напрыклад, Мінск, тут пад ветразямі ходзяць. Хто б мог падумаць, што і такое было. 

А вось мая самая першая кніжка, яе забаранілі, цэнзар не паставіў штампік. Памёр адзін палкоўнік КДБ, а мой сябра сказаў (ужо не ведаю, у якіх ён зносінах быў з тым палкоўнікам), што ў яго засталася мая кніжка. Мы абшукалі ўсю бібліятэку і знайшлі яе, побач з Салжаніцыным. Палкоўнік сам яе сшыў, зрабіў з гранак такую самаробную кніжачку і адзначаў там: «богоискательство», «неизвестно на что намекает». Раней жа было як: вось столькі вершаў трэба каб было пра завод, столькі пра Айчынную вайну… На іншае проста месца на заставалася. А калі, як у маёй, нічога не было ні пра вайну, ні пра завод, а было пра тленнасць быцця, то ты ўжо неяк вылучаўся, і выдавацца было неверагодна цяжка.

Вось, напрыклад, самвыдатаўская кніжка 1982 года. У мяне былі сябры, з якімі мы напісалі паэтычную кніжку пра архітэктурную тэрміналогію. Называлася “Разабраны сабор”. Мы пісалі такія манерныя вершы пра абакі, аркі, валюты, аб’ёмы. Здаецца, у кожнага было па два ці тры асобнікі; нас было чалавек пяць, то бок усяго асобнікаў 15. І яшчэ ж хаваць іх трэба было. Хавалі звычайна сярод іншых кніжак, застаўлялі іншымі. Калі прыйдуць шукаць, то, вядома, знойдуць. Але яны ж не адразу прыходзілі, спачатку вялі нейкія гутаркі. І таму мы спадзяваліся, што пакуль завітаюць – паспеем перахаваць. 

 Фота Аляксей Літвінка.