Як бы выглядаў Мінск у 1944 годзе, калі б не было вайны (шмат фота)
14
05.07.2016

Як бы выглядаў Мінск у 1944 годзе, калі б не было вайны (шмат фота)

Вайна непазнавальна змяніла Мінск. Але і пры мірным раскладзе горад чакалі кардынальныя змены. 

Вайна непазнавальна змяніла Мінск. Але і пры мірным раскладзе горад чакалі кардынальныя змены. 

Мала што ў даваенным Мінску цешыла вока савецкіх архітэктараў. “Стары Менск быў аплотам капіталістычнага прыгнёту, запушчаным і антысанітарным”, – лічылі аўтары генплана-1941.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі патрэба пераносіць сталіцу ў Магілёў адпала – газавай атакі з Польшчы ўжо не чакалі. І сталічнасць Мінска сталі развіваць. Белдзяржпраект задумаў вырашыць галоўныя праблемы мінчан усіх часоў – жыллёвую і транспартную. Новыя мінскія заводы чакалі працоўных рук, але новыя рукі трэба было і рассяліць. Вырашылі разбудаваць ваколіцы і пашырыць межы горада. Да Мінска далучаліся Ангарская і Сцяпянка, Чыжоўка і Лошыца, Козырава і Серабранка. На паўночным захадзе горад заканчваўся “Дрымлэндам”, на паўночным усходзе – паркам Чалюскінцаў.

Акрамя тэрытарыяльнага пашырэння, перад архітэктарамі паставілі задачу “сацыялістычнай рэканструкцыі” Мінска, “стварэння поўнага архітэктурнага адзінства” горада. Ленінградская камісія, якая прыехала падзяліцца досведам, ацаніла Мінск як горад “архітэктурна безаблічны”. Знішчыць гэту безаблічнасць павінен быў новы, дапрацаваны генплан. Шанец на захаванне атрымалі толькі гмахі, такія як гатэль “Еўропа” ці каталіцкі сабор на плошчы Свабоды, – савецкая ўлада цаніла шматпавярховікі. 

“Безаблічны Мінск” 30-х. Злева гатэль “Еўропа”, справа вуліца Леніна.

 

Central Park

“Зоны пралетарскага адпачынку” стваралі па ўсім горадзе. Але ў 1940-м пачалося будаўніцтва агульнагарадской зоны – Цэнтральнага парка культуры і адпачынку. Цяпер гэта парк Перамогі побач з Камсамольскім возерам. У 1941-м тут павінны былі адкрыцца кафэ, рэстараны, кіёскі, лодачныя станцыі, басейны і школа плавання. А побач з возерам, на месцы новага музея ВАВ, – грандыёзны стадыён на 10 тысяч месцаў.

Архітэктары меркавалі, што ад парка і да плошчы Свабоды пройдзе бульвар у 125 метраў шырынёй. Усю забудову паміж возерам і верхнім горадам (у тым ліку Нямігу) чакаў знос. 

Так бачылі парк Перамогі і Камсамольскае возера аўтары генплана. Справа тагачасная “Мінск-Арэна”, злева Старавіленскі тракт і забудова Старажоўкі. 

Мінскае возера адкрылі 75 гадоў таму, 22 чэрвеня. Дзве сцэны, шэсць духавых аркестраў, акардэаністы гралі проста на вадзе. Але пасля абвяшчэння пра пачатак вайны мінчукам стала не да музыкі.

 

Азёры на Свіслачы

Падняўшыся па шырокім бульвары ад возера да плошчы Свабоды, далей па Ленінскай (Леніна) можна было трапіць на Ляхаўку. Там на месцы “Старога русла” і побач з язычніцкім капішчам планавалася плошча з простай назвай “па Скураной вуліцы”. Пры плошчы – возера-запруда на Свіслачы, гранітная набярэжная.

Мінскае, Скураное… Трэцяе возера на Свіслачы праектавалі ў раёне плошчы Перамогі. 


Плошчы паэтаў

Да перамогі плошча называлася Круглай. Таксама яе называлі плошчай Маякоўскага (імя паэта насіла вуліца Захарава, на якой іняз і літоўскае пасольства). 


Такой павінна была стаць плошча Перамогі ў 1941 годзе. 

У Круглай плошчы бачылі важны транспартны вузел. І аформіць яго хацелі адпаведна: з гіганцкай брукаванай плошчы (ужо ніякай не круглай) – спуск да гранітнай набярэжнай, з набярэжнай – да вады. На Свіслачы думалі рабіць вялікую запруду, па берагах – фантаны і скульптуры (голых купальшчыкаў?). У абноўленым горадзе гэта месца павінна было называцца плошчай Саветаў


Набярэжная ў раёне плошчы Перамогі. 

На ўсход па праспекце праектавалася яшчэ адна плошча. Замест старых хатак перад інстытутам фізкультуры (цяпер там мінскі музей спорту, вы ведалі?) павінен быў з’явіцца помнік Пушкіну. Пасля вайны замест Пушкіна ўзвялі помнікі Якубу Коласу і яго героям. 

Плошча Якуба Коласа магла стаць плошчай Аляксандра Пушкіна.

 

Горад у кветках

Штогод сацыялістычны Мінск аздаблялі зелянінай і кветкамі. З гэтых кветак рабілі кампазіцыі: фігуры, партрэты...

Ля старой Нацыяналкі кветкамі высаджана фігура самалёта, на крылах надпіс “Іосіф Сталін”. 

Найбольш засаджвалі плошчы: Юбілейную (метро “Фрунзенская”), Восьмага сакавіка (метро “Няміга”)...  У 1941-м самы вялікі зялёны масіў чакаў пляц Волі (плошчу Свабоды) – 100 тысяч кветак, 100 дрэў і 500 кустоў.

 

Мінскія кветкі. На заднім плане – праспект і будучая Кастрычніцкая плошча. 

У 1941-м у Мінску планавалі капрамонт на 60 вуліцах, правесці каналізацыю ў 18 дамоў. Меліся фарбаваць масты, рамантаваць маставыя, асушаць рукавы Свіслачы – дзякуючы возеру спыніліся штогадовыя разбуральныя паводкі. 


Кожную вясну Свіслач выганяла з хат сотні мінчукоў. 

Але пачалася вайна (большасць мінчукоў сустрэла навіну на тым самым Камсамольскім возеры), і пераробка “старога Менска на сацыялістычны лад” была адкладзена. За 1941–1945 гады насельніцтва зменшылася ў пяць разоў. Будаваць шматпавярховікі не было для каго, але многае з запланаванага да вайны здзейснілі. Змяніўся праспект, плошчы і Свіслач. А вось Няміга пратрымалася яшчэ доўга.

 

Перадрук матэрыялаў магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.

   Фота: з кнігі Іллі Куркова “Мінск незнаёмы”.