Гісторыя моды: першыя ламберсексуалы Мінска насілі кашалёк на галаве

05.07.2017
History  
 
2
Рубрика Мінск 1067

Гісторыя моды: першыя ламберсексуалы Мінска насілі кашалёк на галаве

Частка першая
Разам з Samsung мы робім рубрыку «Мінск 1067» пра невядомыя і паўзабытыя гісторыі, пра людзей, будынкі і артэфакты, звязаныя са сталіцай.
0

Разам з Samsung мы робім рубрыку «Мінск 1067» пра невядомыя і паўзабытыя гісторыі, пра людзей, будынкі і артэфакты, звязаныя са сталіцай.

Сёння мы сабралі для вас модныя трэнды Мінска: ад аксесуараў першых мінчан да капялюшыкаў нашых бабуль. Minsk Fashion Week 2018 на ўзбраенне.

Што насілі да нашай эры

Першыя мінчукі пасяліліся на Свіслачы 5 тысяч гадоў таму. Модныя аксесуары тады клалі разам з моднікамі ў магілу. Таму іх і ўдалося знайсці. Зашпількі і гузікі з костак і дрэва, самы любімы прынт – кругі і гарох.



Сімвал каменнага веку – каменная сякера, вось без чаго было не абысціся на берагах Камсамольскага возера, у Лошыцы ды Малінаўцы. Гэта быў атрыбут сапраўднага мача. Яе любоўна шліфавалі да бляску, яе чаплялі на бачнае месца, каб уразіць сябровак.

 

Як апраналіся ў Х–XV стагоддзях

Дрэс-код: мода цэнтра Мінска XII стагоддзя нагадвала моду Шабаноў канца XX. Тут насілі кароткія курткі і кашулі з поясам, а нагавіцы запраўлялі ў шкарпэткі. Фігурку такога мужчыны археолагі знайшлі на Замчышчы. Ці сядзелі тады на картанах, невядома. Прынамсі пахаванняў у такой позе не знойдзена.

Заканадаўца моды – вялікі князь Кейстут.

Ethnic style: яго мянчучкі дужа любілі. Доўгія сукенкі, стужкі вакол галавы, шкляныя бранзалеты. Спярша мода была на чорныя, сінія і шырокія, а з сярэдзіны 12-га стагоддзя – толькі тонкія бранзалеты зялёнага і карычневага колераў. Іх пастаўлялі з Кіева. Пасля ў Кіеў прыйшлі татары, і ён з цэнтра моды зрабіўся далёкім раённым цэнтрам Залатой Арды.

Модныя гараджанкі тысячу гадоў таму.

Аксесуары: каменная сякера цяпер мадыфікавалася ў кісцень. Кісцень – камень ці гіра на вяроўцы, суперзручны аксесуар. Багатыя мінчане ўпрыгожвалі свой кісцень шыпамі і малюнкамі.


Менскі стыль – гэта яшчэ і зярнёныя пацеркі асаблівага тыпу, такіх не рабілі больш нідзе.

Абутак: у Сярэднявеччы дбалі пра камфорт. Балеткі, боты, чаравікі з конскай і свіной скуры – толькі мяккі абутак. У асноўным чорныя – колеру навакольнай гразі, бо тратуары былі далёка не паўсюль, дый на іх замест пліткі ляжалі дошкі.

Рэдкія моднікі замаўлялі сабе чырвоныя ці зялёныя туфлі з вышытым арнаментам. Але такія звычайна па гразі не хадзілі – мелі ўласнага каня ці рабоў з насілкамі.

Чаравік мінчаніна 15-га стагоддзя.

Прычоскі: “вош энд гоў” у старым Менску актыўна практыкавалі. Але расчоскамі ўсё-такі карысталіся – бо, пакуль вош не вычашаш, спакою не будзе.

Вялікія арыгіналы галіліся налыса, але большасць насіла з сабой пахучыя грабяні з самшыту. Калі гарадскія пахі станавіліся невыноснымі, можна было занюхаць расчоскай і на секунду ўявіць, што ты зноў у культурнай Візантыі.

Накладкі  з фантастычнымі птушкамі насілі на шапках. У накладку ўкладаўся кавалак тканіны, надушанай і прамасленай эфірным алеем – мінскі дэзадарант 13-га ст.

Дзе шопіліся: хто мог, ехаў на шопінг у Візантыю купляць шоўк, найчасцей шукалі ружовы з залатымі ніткамі. Смелае спалучэнне, праўда? Прычым гэта насілі мужчыны. Цягнікі не хадзілі, таму плавалі па Дняпры (з перасадкамі праз Бярэзіну і Свіслач). Дарога ў адзін бок займала месяцы два, зваротная – месяцаў пяць, бо супраць цячэння.

 

Як апраналіся ў ХVI–XVII стагоддзях

Модныя колеры: вагаліся з крайнасці ў крайнасць. Моднікі то апраналіся ва ўсё чорнае, маўляў, будзем строгія, як іспанцы.

Менскі стараста Андрэй Завіша – дарэчы, пахаваны ў касцёле святога Язэпа (на фота) у Верхнім горадзе.

То з галавой занураліся ў дзікія спалучэнні. Ацаніце буйства колераў у гардэробе мінчаніна 16-га стагоддзя: чырвоны жупан (паліто на зашпільках) са срэбнымі залачонымі гузікамі, плашч белы з пятліцамі блакітнымі, сукном жоўтым падшыты, плашч зялёны, убранне кармазынавае (пунсовае), боты саф’янавыя жоўтыя двое, бачмакі саф’янавыя жоўтыя, “поес чырвоный едвабный”.

Менскія ваяводы Багдан і Мікалай Сапегі ды Аляксандр Слушка.

Мужчынская мода: ласіны жупан, ласіныя ж рукавіцы, кажухі з бабровымі каўнярамі, шапкі чорныя, “горлы лісімі” падшытыя, ваўчыныя і сабаліныя футры.

З футрамі ў тагачасных менскіх моднікаў увогуле свая гісторыя. Лічылася, што насіць футра да жаніцьбы безгустоўна. Затое потым ужо насілі не здымаючы: зімой, летам і нават на даспехі.



Ламберсексуалы: важны трэнд эпохі – нараджэнне ламберсексуальнасці. Ці радавалі менчучак бароды мужоў – не ведаем. Але менчукоў яны дакладна радавалі.

На галаве мінчане насілі каўпакі: высокая круглая шапка абшывалася футрам, пер’ем ды каштоўнымі каменьчыкамі і імітавала шлем. Выехаўшы з дому ў каўпаку, больш з сабой можна было нічога не браць: “Грошы, дакументы ўзяў?” – “Так, усё ўжо схаваў у каўпак!” Каўпакі ніколі не здымалі, хіба крыху апускалі на вуха, бо здымеш – і рызыкуеш больш не ўбачыць.



Хто ж не меў каўпака, вешаў кашалёк на пояс – тканы, залацісты, і часта яго разам з поясам і адбіралі. Таму без шаблі і “сякіркі” па-ранейшаму нікуды (і так яшчэ прыкладна два стагоддзі).

Мужчыны насілі вышыванкі – срэбрам, золатам, чырвоным і чорным шоўкам. Мужчыны асвоілі таксама высокія абцасы… А што жанчыны? У тую эпоху ўсё больш сядзелі дома, варылі боршч. У свет выходзілі мала. Усё хараство дастанецца ім у наступным стагоддзі.

Як жылі да з’яўлення “Мілавіцы”: Дакладна можна сказаць толькі тое, што і ў 16-м стагоддзі ў мінчанак стаяла пытанне выбару ніжняй бялізны: былі паўсядзённыя, грубыя сарочкі, а былі і дарагія, “кужэльныя” – тонкай работы.

Аляксандра Завіша, першая лэдзі Мінска сярэдзіны 17-га стагоддзя, у сукенцы, аздобленай жэмчугам. Жыхарка Лошыцы Паланея Горская захоўвала дома 250 “перел великих” – жамчужынак, якія абяцала размеркаваць паміж дачкой і трыма сынамі, калі дарастуць.

Калі вам падабаецца рубрыка «Мінск 1067», рабіце рэпост артыкула і не забывайцеся на хэштэгі #сваё, , #Minsk1067. Дзякуй!


РУБРЫКУ “МІНСК 1067” МЫ СТВАРАЕМ РАЗАМ З КАМПАНІЯЙ SAMSUNG ELECTRONICS*.

 

Перадрук матэрыялаў магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

   Фота: Л. Дучыц “Касцюм жыхароў Беларусі 10–13 стст.”, А. Скеп’ян, Ю. Бохан “Побыт феадалаў Вялікага княства Літоўскага ў XV–XVII стст.”, “Археалогія Беларусі”.

* «Самсунг Электроникс Рус Компани», ИНН 7703608910

ЧИТАЙТЕ ТАКЖЕ
05.07.2017
History  
 
2
0
КОММЕНТАРИИ
Дарья 10-07-2017, 15:36
+4 5 1
Хорошая рубрика!
ОТВЕТИТЬ
Ярослав 13-07-2017, 10:18
+3 3 0
Интересный материал, спасибо!
ОТВЕТИТЬ
ЗАЛОГИНЬТЕСЬ ЧЕРЕЗ СОЦСЕТИ
VKONTAKTE
Или комментируйте с помощью капчи
НОВОЕ НА CITYDOG.BY