Гід па мінскіх адрасах, дзе напісалі “Знак бяды”, “Чорны замак Альшанскі” і “Цынкавыя хлопчыкі”
8
16.05.2016
Мобильная библиотека

Гід па мінскіх адрасах, дзе напісалі “Знак бяды”, “Чорны замак Альшанскі” і “Цынкавыя хлопчыкі”

Сёння ў рубрыцы “Мабільная бібліятэка”, якую мы робім разам з кампаніяй МТС, журналіст Дзяніс Марціновіч расказвае, як Колас пісаў у турме “Сымона-музыку” і працаваў кухарам, чаму дачка Мележа ледзь не спаліла яго раман і дзе пісаўся культавы “Чорны замак Альшанскі”.

Сёння ў рубрыцы “Мабільная бібліятэка”, якую мы робім разам з кампаніяй МТС, журналіст Дзяніс Марціновіч расказвае, як Колас пісаў у турме “Сымона-музыку” і працаваў кухарам, чаму дачка Мележа ледзь не спаліла яго раман і дзе пісаўся культавы “Чорны замак Альшанскі”.

Большасць твораў можна спампаваць у .


Верш “Пагоня” Багдановіч напісаў тут

вуліца Рабкораўская, 19

Цяжка паверыць, але ў Мінску ёсць усяго адзін ацалелы будынак, звязаны з біяграфіяй Максіма Багдановіча. Гаворка пра так званую “Беларускую хатку”. Гэты дом, пабудаваны ў 1904 годзе, знаходзіўся на вуліцы Мала-Георгіеўскай (сучасная вуліца Талстога). У 1980-х гадах узнікла пагроза яго зносу. Тады дом быў перанесены на вуліцу Рабкораўскую, 19 (каля ста метраў ад свайго былога месца), дзе знаходзіцца дагэтуль.
 


Гэты дом будаваўся як флігель для здачы ўнаём. Напрыклад, у часы Першай сусветнай вайны яго здымалі ў якасці бясплатнай сталоўкі для бежанцаў. Пазней у правай частцы дома здымаў кватэру пісьменнік Змітрок Бядуля і дзве яго сястры. Адначасова з ім у адным з пакояў гэтай кватэры непрацяглы час (кастрычнік 1916 – люты 1917 гг.) жыў Багдановіч.  

Менавіта ў гэтым доме ён напісаў два свае знакамітыя творы. Паэму “Страцім-лебедзь” і верш “Пагоня” (“Толькі ў сэрцы трывожным пачую”). Апошні разглядаўся ў якасці аднаго з варыянтаў гімна Беларусі.
 


Мемарыяльны пакой паэта быў адноўлены па ўспамінах пісьменніцы Зоські Верас. Акрамя прадметаў мэблі і рэчаў-аналагаў пачатку ХХ стагоддзя, тут можна ўбачыць і медыцынскія рэчы: бутэлькі, шклянкі, медыцынскія мензуркі, тэрмометр, а таксама асабістыя рэчы Максіма Багдановіча – падшклянак і ступку для здрабнення лекаў.

Як вядома, менавіта з “Беларускай хаткі” хворы на сухоты паэт выправіўся ў Крым, дзе неўзабаве памёр.
 


Паэму “Сымон-музыка” Якуб Колас пісаў у гэтай турме

вуліца Валадарскага, 2

У 1906 годзе Якуб Колас прыняў удзел у нелегальным настаўніцкім з;ездзе, які прайшоў у яго родных мясцінах, у вёсцы Мікалаеўшчына. З;езд разагнала паліцыя. Пісьменніка абвінавацілі ў тым, што ён заклікаў калег далучыцца да Ўсерасійскага саюза настаўнікаў. Таксама Колас нібыта складаў адозву да настаўнікаў (ён не пісаў гэты тэкст, але сапраўднага аўтара не выдаў).

У 1908 годзе Колас быў асуджаны на тры гады турэмнага зняволення. “Камер за час адсідкі давялося змяніць некалькі, – згадваў пісьменнік. – Сядзеў у кутняй, каля вежы, № 1. Потым перакінулі насупраць, здаецца, у пятую. Трапіў на час на Дабрамысленскі завулак (прылеглы да Маскоўскай вуліцы). Там трымалі кароткатэрміновых. А пасля зноў пераехаў назад, у Пішчалінскі замак. Пішчалін – гэта архітэктар, які будаваў мінскую турму. Апраўдаў сваё прозвішча. Пішчалі там людзі. Дый мне давялося сербануць гора. <…>

Месяцы з чатыры быў я ў турме кухарам. На кожную душу адпускалася па 10 капеек на дзень. Грошы ішлі ў агульны кацёл. Купляліся крупы, сала, капуста. І самі мы гатавалі па чарзе. Мае абеды хлопцы заўжды хвалілі. <…> Пасля давялося мне крыху пабыць турэмным бібліятэкарам. Гэта было нудна. Літаратура дазвалялася выхаваўча-паліцэйскага кірунку”.
 


Менавіта ў турме Якуб Колас задумаў напісаць на аснове ўласнай біяграфіі твор пра мастака – будучую паэму “Сымон-музыка”. “Перада мной стаяў уласны лёс, – расказваў Якуб Колас. – Рупіла расказаць, што вось і мае чалавек нешта за душою, а ніяк не выплыве напаверх у гэтым свеце”. Пісьменніку ўдавалася рабіць запісы нават у камеры: “Раздабыў аловак і навучыўся хаваць паперы. І ўсё ж не ўпільнаваў: задумаўся над радкамі, у камеру прывялі кагосьці, наглядчык кінуў вокам і схапіў маё пісанне. Нічога не зробіш: пачынаць спачатку мне даводзілася не адзін раз”.

 

Тут ледзь-ледзь не згарэлі “Людзі на балоце”

вуліца Янкі Купалы, 7

Дакладней, знакамітая “Палеская хроніка” пісалася Іванам Мележам адразу па трох адрасах. Спачатку ў знакамітым пісьменніцкім доме на Карла Маркса, 36, а таксама на поўдні, дзе часта адпачываў хворы пісьменнік (нагадвала пра сябе раненне часоў вайны). Калі раманы “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы” атрымалі ўсесаюзнае прызнанне, Мележ атрымаў пяціпакаёвую кватэру ў доме па адрасе Янкі Купалы, 7. Там ствараўся раман “Завеі, снежань”, які так і застаўся няскончаным.
 


Цікава, што беларуская літаратура ледзь не страціла класічны твор. Аднойчы дачка Івана Паўлавіча ўзялася адпрасаваць сабе кофтачку, але пасля заканчэння работы забылася выключыць прас з разеткі. Дома тады нікога не было. Праз нейкі час пачаўся пажар.
 


“Прымчаліся пажарныя, – расказваў пісьменнік Васіль Вітка. – Заліўшы полымя, якое ўжо рвалася з акна, па лесвіцы падняліся на балкон у кватэру. Распалены да чырвані прас ляжаў на падлозе. Стол зеўраў выгаралай дзіркай пасярэдзіне. Настольнік згарэў, тлеў разасланы пад нагамі кілім, займалася канапа…” На шчасце, скончаны раман “Людзі на балоце” ляжаў у іншым пакоі – у кабінеце на пісьмовым стале. Калі б пажар дайшоў да гэтага пакоя, рукапіс не ацалеў бы. І працу давялося б пачынаць спачатку. Таму Мележ, даведаўшыся пра пажар, збялеў. Але потым свяціўся ад шчасця.

 

“Чорны Замак Альшанскі” як падарунак жонцы

вуліца Карла Маркса, 36

Знакаміты раман “Чорны замак Альшанскі” выйшаў з наступным прысвячэннем: “В. К., якой гэты раман абяцаў дзесяць год назад, з удзячнасцю”. Так Уладзімір Караткевіч, аўтар гэтай кнігі, згадаў гісторыю, якая адбылася з ім і яго будучай жонкай.
 


Напрыканцы 1960-х гадоў пісьменніка запрасілі ў Брэст на чытацкую канферэнцыю па рамане “Каласы пад сярпом тваім”. Абмеркаванне праходзіла ў Брэсцкім педінстытуце. Разам са студэнтамі свайго курса туды як куратар прыйшла выкладчыца Валянціна Нікіціна. Канферэнцыя яе не дужа цікавіла. Адседжваючы “мерапрыемства”, яна чытала нейкі польскі дэтэктыў (дэтэктывы былі яе слабасцю). Калі пасля канферэнцыі Валянціну пазнаёмілі з Караткевічам, яна спытала: “А чаму б вам не напісаць які дэтэктыў?” – “Які?” – спытаў пісьменнік. “Ну, хаця б такі, як “Дзікае паляванне караля Стаха”, – адказала Валянціна, якая калісьці чытала такі твор, але не запомніла аўтара. Даведаўшыся, што аўтар перад ёй, яна прапанавала пайсці на каву. Так быў зроблены першы крок да будучага шлюбу.

Валянціна, Уладзімір і маці апошняга сталі жыць разам у двухпакаёвай кватэры на вуліцы Веры Харужай, 48. Караткевіч пісаў у “Чорным замку Альшанскім”: “Раніцай мяне разбудзіў залівісты крык пеўня, а пасля адчайнадушнае, надрывістае кувіканне парасяці... Як на вёсцы”. Кожны тыдзень праз дарогу ад дома адкрываўся Старажоўскі рынак, дзе можна было набыць жывёл і птушак. Расказвалі, што пісьменнік прыходзіў на рынак, купляў галубоў і тут жа адпускаў іх на волю.

Але сваю кнігу Караткевіч скончыў у трохпакаёвай кватэры на Карла Маркса, 36, якую атрымаў у 1973 годзе.
 


Васіль Быкаў: кватэра па званку

вуліца Максіма Танка, 10

Многія свае творы Васіль Быкаў напісаў у Гродне, куды пераехаў пасля Другой сусветнай вайны. Але напрыканцы 1970-х пісьменнік перабраўся ў Мінск. Прычынай сталі акалічнасці асабістага жыцця. Быкаў сышоў ад сваёй першай жонкі, настаўніцы Надзеі Кулагінай, да каханай жанчыны, Ірыны Міхайлаўны, якая стала яго другой жонкай. Адпаведна, узнікла праблема жылля.

“Нейкі час жыў у гатэлях, ды тое было не надта зручна ва ўсіх адносінах, – пісаў у мемуарах Быкаў. – Тады Андрэй Макаёнак, з якім я неяк па-добраму зблізіўся, пазваніў у ЦК Кузьміну (сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі). Той адразу зрэагаваў – паклікаў мяне да сябе, распытаў, што і як. <…> Аляксандр Трыфанавіч павёў мяне на іншы паверх – да Аксёнава (другі сакратар ЦК КПБ), які без доўгіх размоваў зняў тэлефонную трубку і кудысь пазваніў. Праз дзень я атрымаў ордэр на недабудаваную, праўда, кватэру на Танкавай”.
 


Трохпакаёвая кватэра размяшчалася ў знакамітым “чырвоным доме” (зараз вуліца Максіма Танка, 10), які ў народзе празвалі “Брэсцкая крэпасць”. У суседніх пад’ездах наваселле справілі артысты, якія працавалі ў той час у Тэатры оперы і балета.

Менавіта на Танкавай Быкаў напісаў адзін са сваіх лепшых твораў – аповесць “Знак бяды” (рэжысёр Міхаіл Пташук зняў па ёй аднайменны фільм). “Не сказаць, што яна давалася мне дужа цяжка – матэрыял быў знаёмы, нейкаю часткай перажыты самім, – пісаў ва ўспамінах Быкаў. – Асабліва той, што меў адносіны да 30-х гадоў. Уражлівая дзіцячая памяць захавала шмат якія адзнакі побыту і драмаў таго незвычайнага часу. Што да вайны, дык тут таксама мог што-нішто ўявіць, хоць сам на акупаванай тэрыторыі не жыў”.

 

Свае творы Нобелеўская лаўрэатка пісала тут

вуліца Старажоўская, 8

Творы Святланы Алексіевіч, за якія яна атрымала Нобелеўскую прэмію, аб’ядноўваюцца ў мастацка-дакументальны цыкл “Галасы Ўтопіі”. “Калі маці хварэла, я доўга жыла ва ўкраінскай вёсцы, у бабулі, – казала ў адным інтэрв’ю Алексіевіч. – Можа быць, таму я чую свет праз галасы. У вёсцы жывуць разам, усёй грамадой”.

У 1988 годзе пісьменніца атрымала двухпакаёвую кватэру ў доме на Старажоўскай, 8, дзе жыла да гэтага года (за грошы, атрыманыя ад Нобелеўскай прэміі, яна набыла кватэру ў суседнім “Доме Чыжа”). Праўда, умовы жыцця пісьменніцы цяжка назваць звышкамфортнымі. У кватэры была “жудасная цесната”: “Святлана Аляксандраўна захоўвае дома вельмі шмат кніг”, – казаў уладальнік партала TUT.BY Юрый Зісер. Суседзямі Алексіевіч на Старажоўскай, 8 былі іншыя творчыя асобы. Напрыклад, знакамітая паэтэса Яўгенія Янішчыц (яе верш “Ты пакліч мяне, пазаві” ўжо колькі гадоў вывучаюць у школьнай праграме).
 


Менавіта падчас жыцця на Старажоўскай выйшла кніга Алексіевіч “Цынкавыя хлопчыкі”, прысвечаная вайне ў Афганістане. Як прызнавалася пісьменніца, яна вырашыла напісаць гэты твор у знак пратэсту супраць мужчынскага погляду на вайну.

“Я прыязджаю ў вёску і бачу звар’яцелага хлопчыка, які прыйшоў з вайны. Або прыходжу на могілкі, дзе хаваюць загінулых верталётчыкаў. Генералы выступаюць... Аркестр грыміць... І я бачу: гэта змова дарослых. Толькі маленькая дзяўчынка танюткім галаском над усімі звініць: “Тата! Татачка, ты абяцаў мне прыехаць”. Яна ім перашкаджае. <…> І я зразумела, што сярод тых, хто ля магілы стаяў, нармальнае было толькі гэтае дзіця”.

 

 

Тут Багдановіч напісаў верш “Пагоня”
Минск, ул. Рабкоровская, 19
Тут Я.Колас пісаў паэму “Сымон-Музыка”
Минск, ул. Володарского, 2
Тут ледзь не згарэлі “Людзі на балоце” І.Мележа
Минск, ул. Янкі Купалы, 7
Тут І.Мележ пачынаў пісаць "Людзі на балоце", а Караткевіч скончыў “Чорны замак Альшанскі”
Минск, ул. Карла Маркса, 36
Тут Караткевіч пачынаў пісаць “Чорны замак Альшанскі”
Минск, ул. Веры Харужай, 48
Тут Быкаў напісаў “Знак бяды”
Минск, ул. Максіма Танка, 10
Тут Алексіевіч мастацка-дакументальны цыкл “Галасы Утопіі”
Минск, ул. Старажоўская, 8
 

 

Перадрук матэрыялаў магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

   Фота: buy-forum.ru.

ПУП "Лабс Паблісіці Груп", УНП 191760213