Дзе падзеліся эратычныя дзённікі Максіма Багдановіча і чаму НКУС забіў Купалу – факты пра беларускіх класікаў, якія вы маглі не ведаць
7
23.01.2017
Мобильная библиотека

Дзе падзеліся эратычныя дзённікі Максіма Багдановіча і чаму НКУС забіў Купалу – факты пра беларускіх класікаў, якія вы маглі не ведаць

Некаторыя скажуць, што гэты артыкул – корпанне ў бруднай бялізне паэтаў і пісьменнікаў. Няпраўда: факты і гісторыі, якія вы знойдзеце ніжэй, дазваляюць усяго толькі зірнуць на “забранзавелых” у нашым уяўленні песняроў з нязвыклага боку.

Некаторыя скажуць, што гэты артыкул – корпанне ў бруднай бялізне паэтаў і пісьменнікаў. Няпраўда: факты і гісторыі, якія вы знойдзеце ніжэй, дазваляюць усяго толькі зірнуць на “забранзавелых” у нашым уяўленні песняроў з нязвыклага боку.

ХТО І ЗА ШТО ЗАБІЎ ЯНКУ КУПАЛУ

З савецкай уладай у Янкі Купалы стасункі не заладзіліся амаль адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Купала вітаў стварэнне БНР, але не БССР, змагаўся за нацыянальнае адраджэнне, якое ў Савецкай Беларусі ніколі не пачыналася.



Ужо ў 1921-м на “ненадзейнага” Купалу наклалі хатні арышт і канфіскавалі рукапісы. Але праблемы нібыта вырашыліся – як мінімум на 10 гадоў, калі ў жыцці Народнага паэта пачалося самае страшнае.

У 1930 годзе раскулачылі маці і сястру Купалы, у тым жа годзе літаратурны крытык Лукаш Бэндэ напісаў артыкул “Шлях паэта”, у якім абвінавачваў Народнага паэта ў нацдэмаўшчыне. Купалу выклікалі на допыты ў ДПУ; яму інкрымінавалася лідэрства ў «Саюзе вызвалення Беларусі». Не вытрымаўшы ціску, 20 лістапада ён зрабіў спробу самагубства – харакіры. Але яго выратавалі.

У 1938-м кіраўнік Беларусі Панамарэнка напісаў Сталіну ліст, у якім прапанаваў арыштаваць і расстраляць Купалу, Коласа і Змітрака Бядулю. Тады Сталін чамусьці не пагадзіўся. Але – на думку некаторых даследчыкаў – пагадзіўся на ліквідацыю Купалы пазней.

28 чэрвеня 1942 года Янку Купалу, які быў у сталіцы СССР, знайшлі мёртвым у гатэлі “Масква”. Ён “зваліўся” ў лесвічны пралёт між 9-м і 10-м паверхамі і загінуў.

Так выглядае пралёт гатэля “Масква”.

“Мой бацька Яўхім, які ў 1942–1944 гады служыў спачатку ў Цэнтральным, а потым у Беларускім штабе партызанскага руху, калі неяк зайшла гаворка пра Купалу, раптам сказаў: “Купала? А, паэт. Я ведаў яго асабіста. Яго нашы хлопцы забілі (агенты НКУС)! – узгадвае гісторык, аўтар кнігі пра Песняра Анатоль Тарас. – “Як забілі?” – “Ну, быў загад ліквідаваць. Яго падпаілі ў рэстаране і, калі павялі наверх у нумар, скінулі ў пралёт, паміж 9-10-м паверхам”.

На думку даследчыкаў, галоўную ролю ў знішчэнні Купалы сыграў вядомы пагромшчык беларускай літаратуры Айзік Кучар. Ён напісаў данос у НКУС, у якім паказваў, што ў акупаваным Мінску ўвесну 1942 года адну з вуліц назвалі імём Івана Луцэвіча (гэта сапраўднае імя Купалы; на самой жа справе вуліцу назвалі імём Івана Луцкевіча – вядомага дзеяча беларускага адраджэння). Кучар наўмысна “пераблытаў” прозвішчы, разлічваючы, што ў цяжкі ваенны час ніхто асабліва разбірацца не стане.



План спрацаваў. Першы сакратар ЦК КПБ Панамарэнка даў ход фальшыўцы. Далей – справа тэхнікі. 4 чэрвеня 1942 года Купала, які жыў у эвакуацыі ў прыгарадзе Казані, атрымаў тэлеграму, у якой яго выклікалі ў Маскву (дарэчы, без жонкі). 18 чэрвеня прыехаў у сталіцу, а праз 10 дзён яго цела знайшлі ў лесвічным пралёце...

 

ШТО ПІСАЎ БАГДАНОВІЧ У ТАЙНЫМ ІНТЫМНЫМ ДЗЁННІКУ

У энцыклапедыі “Максім Багдановіч” (2011 г.) ёсць толькі адзін артыкул, прысвечаны інтыму, – “Інтымная лірыка”: пра звыклую і неад’емную частку Максімавай творчай спадчыны тут напісана вельмі шмат.

Хаця ў калялітаратурных колах не першае дзесяцігоддзе курсіруе ці то плётка, ці то праўда: у спадчыне Багдановіча ёсць гэтак званы “Інтымны дзённік”. І там зусім не лірыка, а фізіка, дакладней фізіялогія. Да таго брутальная, што калі б дзённік надрукавалі і яго прачыталі сёння ў Следчым камітэце, то крымінальная справа па “парнаграфічным артыкуле” была б амаль забяспечана.

Ягоны партрэт вы ведаеце яшчэ са школы. Пазнаяце, дзе тут Максім?

Ці існуе дзённік, дзе Багдановіч апісвае свае ў тым ліку сексуальныя перажыванні? Хіба што так. Але яго нельга называць дзённікам – гэта некалькі аркушаў. Прынамсі, мы ведаем толькі пра гэтыя некалькі лісткоў паперы, якія ў 2011 годзе выстаўляліся ў музеі Багдановіча ў Траецкім прадмесці. 

Тыя аркушы з’явіліся ў 1915 годзе, калі Максім лячыў сухоты ў Старым Крыме. Менавіта тут ён пазнаёміўся з нейкай Клаўдзіяй, замужняй жанчынай, у якую закахаўся. Некалькі аркушаў, спісаных алоўкам – іх дагэтуль не могуць цалкам расшыфраваць, – прысвечаны каханню і страсці да яе. Ці была між імі фізічная блізасць, не можа адказаць ніхто, бо нават Адам Багдановіч, Максімаў бацька, не ведаў пра гэту сувязь.

 

ДОНЖУАНСКІ СПІС УЛАДЗІМІРА КАРАТКЕВІЧА

У 2015 годзе наш аўтар Дзяніс Марціновіч выдаў незвычайную кнігу “Жанчыны Уладзіміра Караткевіча” – кніга нават атрымала нацыянальную прэмію. Аўтар вырашыў напісаць яе, каб зразумець, які ўплыў аказалі жанчыны на творчасць і жыццё нашага любімага пісьменніка і хто ўласна ўваходзіў у яго донжуанскі спіс.

“Караткевіч у асабістым жыцці быў не такім шчаслівым чалавекам, як нам падаецца, – расказвае Дзяніс. – Цікава чытаць яго раманы, дзе апісваецца каханне... Аднак ён узяў шлюб толькі ў 40 гадоў. У яго асабістым жыцці былі велізарныя трагедыі.

Ён збіраўся ажаніцца, але нявеста загінула ў аўтакатастрофе літаральна перад вяселлем.

Была другая гісторыя, калі ён меў універсітэцкае каханне, у Кіеве, але яны развіталіся. Праз пэўны час гэта жанчына сама напісала яму, прапанавала аднавіць стасункі. Караткевіч адчуў эйфарыю, шчасце, бо ўсе гады памятаў былую сяброўку. Але неўзабаве атрымаў ліст ад яе знаёмай, у якім паведамлялася, што яго каханая выйшла замуж за іншага”.

Ніна Молева дагэтуль адмаўляе, што між ёй і Караткевічам нешта было.

У рамане “Леаніды не вернуцца да Зямлі” апісваецца каханне да Ніны Молевай – рэальнай жанчыны, якая выкладала ў Караткевіча на літаратурных курсах у Маскве. У творы ён дакладна апісвае сваё каханне. Яе сям’я мела дома галерэю, дзе захоўваліся арыгіналы Рэмбранта і Рафаэля, што натхняла творцу. Дзяніс лічыць гэту гісторыю самай сумнай у жыцці Караткевіча, а Ніну Молеву называе “фатальнай жанчынай”. Аўтар кажа, што яна “гулялася з ім: то сыходжу ад мужа, то не сыходжу”. Менавіта ў той час Караткевіч пачаў піць.

“Аднак парадокс заключаецца ў тым, што яго найлепшыя тэксты прыпадаюць акурат на той час, калі ён быў нешчаслівы. Яго натхнялі душэўныя пакуты”, – лічыць Дзяніс Марціновіч.

 

ЯК ЗДЗЕКАВАЛІСЯ З КУЗЬМЫ ЧОРНАГА Ў ТУРМЕ НКУС

У 1938 годзе, на піку рэпрэсій супраць беларускай інтэлігенцыі, пісьменніка Кузьму Чорнага арыштавалі. Выпусцілі толькі праз 8 месяцаў – калегі, якім пашанцавала застацца жывымі, толькі перашэптваліся: што ж рабілі з Чорным у турме? Чаму ён так састарэў?

Пасля таго як знік СССР, дзённікі Чорнага надрукавалі без купюр – тыя страшныя восем месяцаў, шэсць з якіх ён правёў у адзіночцы, змясціліся ў гэтым абзацы тэкста: “У нядзелю ўвечары Пестрак расказваў Лужаніну, як яго мучылі ў польскай турме. Алоўкі паміж пальцаў, пампавалі ваду праз нос, білі гумавым кіем, замыкалі рукі ў кайданы. Я слухаў. Пестрак умее цікава расказваць. У яжоўскай турме ў Менску ўвосень 1938 г. мяне саджалі на кол, білі вялікім жалезным ключом па галаве і палівалі збітае месца халоднай вадой, паднімалі і кідалі на рэйку, білі паленам па голым жываце, устаўлялі ў вушы папяровыя трубы і раўлі ў іх на ўсё горла, уганялі ў камеру з пацукамі, але рук у кайданы не замыкалі”.

Кузьма Чорны з дачкой. Падчас допытаў НКУСнікі пагражалі, што адбяруць малую ў маці.

Кузьма Чорны выйшаў з турмы толькі таму, што падпісаў дамову пра супрацу з НКУС. Ледзь не праз месяц пасля вызвалення яму загадалі прыйсці на суд супраць калегі і ілжэсведчыць. Чорны адмовіўся.

 

ПАЭТ РЫГОР БАРАДУЛІН ЗБІРАЎ ЭРАТЫЧНЫ ФАЛЬКЛОР

Схлусім, калі скажам пра высокаэтычны народны фальклор, які звычайна натхняе творцаў. Насамрэч у любым фальклоры – у тым ліку ў беларускім – ёсць цэлы пласт эротыкі, калі не сказаць парнаграфіі.

Народны паэт Рыгор Барадулін – як і шмат хто з ягоных калег – усё жыццё паціху-патроху збіраў вершы, прыказкі, песні, выслоўі з адзнакай “не для дзяцей”. У выніку ў 1996 годзе свет пабачыў зборнік “эратычнага фальклору” “Здубавецця”. Не пашкадуйце часу – прачытайце.

А старой сто гадоў,
А старому дзьвесьце.
Стары лесьвiцу майструiць
На старую ўзьлезьцi.



Перепечатка материалов возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

 

ЧУП «Лабс Паблисити Груп», УНП 191760213